У Ціхім акіяне знайшлі мегавулкан — "брата" марсіянскай гары Алімп
Амерыканскія геафізікі сцвярджаюць, што знойдзены вулкан на акіянскім дне — найвялікшы на нашай планеце.
Уільям Сэгер з Тэхаскага ўніверсітэта і яго калегі даследавалі дно ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяну і высветлілі, што самае вялікае плато на ім з'яўляецца адзіным вулканічным збудаваннем.
У вулкана Таму вялізныя памеры. Яго можна параўнаць з Брытаніяй ці з марсіянскай гарой Алімп — найвялікшым вулканам Сонечнай сістэмы. Дыяметр мегавулкана складае каля 625 кіламетраў, а вышыня дасягае 4 кіламетраў.
Было праведзенае сейсмічнае зандаванне акіянскага дна, якое паказала, што існуе адзінае цэнтральнае жарало.
Вулкан Таму не праяўляў актыўнасці ўжо 140 мільёнаў гадоў.
Фота — ria.ru