У дэлегатаў платформы "Сход" праходзяць ператрусы
Ператрусы праходзяць у дэлегатаў платформы "Сход" / Еўрарадыё, фота носіць ілюстрацыйны характар
Камітэт дзяржбяспекі праводзіць ператрусы ў дэлегатаў платформы "Сход", паведамляе "Медиазона" са спасылкай на кіраўніка прэс-службы "Сходу" Ганну Краўчанка.
Ператрусы пачаліся на наступны дзень пасля таго, як стала вядома, што "Сход" прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Супрацоўнікі КДБ прыйшлі як мінімум да пяці дэлегатаў. Яшчэ трое не выходзяць на сувязь. Акрамя таго два чалавекі напісалі ў чат, што хацелі б выйсці з арганізацыі, таму што яна стала "вельмі таксічнай і бескарыснай для грамадства".
Пасля зносін з сілавікамі адзін з дэлегатаў застаўся на волі, але з падпіскай аб невыдаванні. "Пры гэтым ён ужо заявіў аб рашэнне выйсці са "Сходу", — расказала Ганна Краўчанка.
Сайт платформы цяпер недаступны, а з ютуб-канала зніклі відэа. Іх выдалілі адміністратары канала, каб не падвяргаць дэлегатаў небяспецы.
Нагадаем, "Сход" — гэта лічбавая платформа. Яе стваралі для вылучэння прадстаўнікоў, якія маглі б адстойваць інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў нацыянальным дыялогу.
Больш падрабязна пра тое, для чаго стваралася гэтая платформа, можна паслухаць ў інтэрв'ю дэлегатаў "Сходу" Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.