У эфіры Еўрарадыё — усё пра Курапаты з гісторыкам Ігарам Кузняцовым
Каго і за што рэпрэсавалі ў Беларусі? Ці варта адкрываць архівы КДБ? Пра што насамрэч размаўлялі на круглым стале па Курапатах? Будоўля бізнэс-цэнтра ля ўрочышча Курапаты спыненая. Што далей? Якая будучыня чакае гэтае месца, дзе сканцэнтраваны боль беларускай нацыі? І што будзе з іншымі месцамі масавых расстрэлаў і пахаванняў, якіх толькі ў Мінску гісторык Ігар Кузняцоў налічыў яшчэ 11?
Тыдзень таму ў рэдакцыі газеты "СБ. Беларусь сегодня" адбыўся круглы стол, прысвечаны праблеме Курапатаў. Важны знак: удзел у круглым стале ўзяў высокапастаўлены прадстаўнік КДБ, які прызнаў, што ў Курапатах ляжаць людзі, расстраляныя савецкімі сілавікамі. Гісторык Ігар Кузняцоў удзельнічаў у тым круглым стале. Ён кажа, што ўлады далі яму слова ўпершыню за 18 гадоў — столькі ў Беларусі замоўчваецца тэма Курапатаў. Па сталінскіх рэпрэсіях за апошнія гады не абаронена ніводнай дысертацыі — навукоўцы не займаюцца гэтай праблемай, бо ведаюць, што атрымаць ступень будзе папросту немагчыма.
"Абмеркаванне доўжылася 2,5 гадзіны. Пасля па ТБ паказалі паўгадзінную праграму. А ў газеце няма і таго", — распавядае Кузняцоў пра апублікаваныя вынікі круглага стала. Гісторык пагадзіўся распавесці Еўрарадыё, пра моманты, якія не трапілі ў прэсу. Таксама мы пагаворым пра расследаванні і эксгумацыі, якія праводзіліся ў Курапатах, пра доступ у архівы КДБ, пра тое, колькі сялян і колькі інтэлігентаў было сярод рэпрэсаваных. І шмат пра што іншае, што нельга забыць пра Курапаты.
Слухаць гутарку з Ігарам Кузняцовым можна будзе пасля навінаў а 14-й гадзіне тут.