У эфіры СТБ прапанавалі забараніць гурт "Дразды"
Гурт "Дразды"/ @vkarpanov
Забараніць гурт "Дразды" прапанаваў адзін з удзельнікаў ток-шоу на канале СТБ Мікіта Рачылоўскі, старшыня моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі. Гэтую праграму вядзе Рыгор Азаронак, у гэты раз яна была прысвечана пытанню адраджэння вёскі. На думку Рачылоўскага, забараніць "Драздоў" трэба, каб палепшыць імідж сельскага жыхара. Музыкі, на думку маладога мужчыны, транслююць "ілжывы папулізм", калі кажуць "пра тое, што вось мы такія ўсе беларускія, мы тут усе любім, мы тут вескі".
"Мы не павінны быць такімі паказушнымі. Мы павінны быць сапраўднымі. Мы павінны паказваць усе плюсы і мінусы, а не казаць: "Мы тут хлопцы з вескі, мы прыехалі для вас" і гэтак далей", — сказаў Рачылоўскі. Мянчук Азаронак заявіў, што "сапраўдны хлопец з вёскі ніколі так не скажа". Акрамя таго, працягнуў Рачылоўскі, музыкі з "Драздоў" "незразумела сябе паводзяць з пункту гледжання ідэалогіі, пры гэтым кажуць, што з вёскі, то адразу ўзнікаюць пытанні".
Гэту прапанову ў сябе ў сацсетках ужо пракаментавала намеснік старшыні гарадзенскай "Белай Русі" Святлана Вараніца. Раней яна ўжо пісала, што не хоча, каб "краіна станавілася азаренковщиной і бондаревщиной". Гэтым разам яна напісала: "Вельмі смешна, калі два менчукі вучаць хлопца з вёскі, якім павінен быць вясковы".
Адзначым, што група "Дразды" з'яўляецца сталым аб'ектам нападак з боку і прапагандысткі Вольгі Бондаравай. Лідара гурта Віталя Карпанава яна называе "змагаром-дзяржпераваротчыкам" і вельмі злуецца, калі бачыць, што Карпанаў рэгулярна спявае на праўладных канцэртах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.