У Еўрапарламенце пройдуць слуханні па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі
7 лютага ў Еўрапарламенце пройдуць адмысловыя слуханні па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Свой даклад на гэтую тэму еўрапейскім парламентарыям прадставяць беларускія праваабаронцы Валянцін Стэфановіч (прадстаўнік ліквідаванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра “Вясна”) і Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
Стэфановіч: “Мы паведамім ім апошнюю інфармацыю, якая ёсць па гэтай тэматыцы. Для нас важна, каб на парадку для ў Еўрасаюзе, у розных яго структурах і ў Еўрапарламенце ў тым ліку, тэма мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі прысутнічала. Бо і 24 студзеня на слуханнях па тэме “Сітуацыя ў Беларусі” Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады да ўвядзення мараторыя, і мы таксама ўлады да гэтага заклікаем. Канферэнцыі ў Мінску на тэму смяротнага пакарання ― гэта цудоўна, толькі адбываецца ўсё гэта на фоне расстрэлаў канкрэтных людзей”.
Па словах Стэфановіча выкананне смяротных прысудаў у Беларусі нівеліруе дыялог па праблеме смяротнага пакарання, які зараз ідзе паміж нашай краінай і Еўрасаюзам.
Як паведамляла Еўрарадыё, 24 студзеня ў Камітэце па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прайшлі слуханні па тэме “Сітуацыя ў Беларусі”. Падчас свайго выступу на гэтых слуханнях дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады да таго, каб “2017 год стаў годам абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі”.