У Генпракуратуры не ведаюць, калі будуць судзіць "катаў беларускага народа"
Аляксей Стук у Вярхоўным судзе
Справа памерлага Уладзіміра Катрука, якая цяпер разглядаецца ў Вярхоўным Судзе Беларусі, першая, але не апошняя. Пра гэта ў сераду заявіў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Паводле яго слоў, "вывучаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці іншых катаў беларускага народа". Але Стук не ведае, калі гэтыя справы будуць разглядаць. Пакуль "фармулююцца абвінавачванні, прыкладна аналагічныя выстаўленаму Катруку". Прозвішчы гэтых людзей па-ранейшаму не называюцца.
З 8 лютага 2024-га ў РБ праходзіць першы працэс над памерлым чалавекам (такая магчымасць з'явілася летась пасля ўнясення адпаведных паправак у Крымінальна-працэсуальны кодэкс). Уладзіміра Катрука абвінавачваюць у генацыдзе. Мяркуецца, што ўкраінец падчас Другой сусветнай вайны служыў у 118-м батальёне шуцманшафта і ўдзельнічаў у карнай аперацыі ў беларускай Хатыні. Катрук памёр ад інсульту ў Канадзе ў 2015 годзе. Прысуд яму ў Мінску аб'явяць 18 сакавіка. Дзяржабвінавачанне просіць прызнаць Уладзіміра Катрука вінаватым у здзяйсненні генацыду без прызначэння пакарання.
Пра тое, што ў Беларусі пачнуцца завочныя суды не толькі над жывымі, але і над памерлымі, генпракурор Андрэй Швед заявіў у канцы зімы 2023-га. Паводле яго слоў, судзіць збіраюцца катаў, якія пазбеглі адказнасці — нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Бальшавіцкіх катаў судзіць не будуць — камуністычныя злачынствы ў Беларусі не расследуюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.