У Германіі затрымалі падазраваных у шпіянажы на карысць Расіі
Паліцэйская аперацыя прайшла раніцай у чацвер
Раніцай 18 красавіка ў горадзе Байройт у Баварыі (Германія) затрымалі двух мужчын, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі. Паводле версіі следства, яны спрабавалі здабыць інфармацыю пра амерыканскія вайсковыя базы і рыхтавалі напады на вайсковыя транспарты.
Як піша Bild, затрыманы 39-гадовы Дытэр, немец расійскага паходжання, у чацвер быў арыштаваны судом. Яго абвінавачваюць у працы ў інтарэсах расійскіх спецслужбаў. Мужчына здымаў сакрэтныя вайсковыя аб'екты ў Германіі (у тым ліку палігон, на якім амерыканцы навучаюць украінскіх вайскоўцаў), з кастрычніка 2023-га распрацоўваў планы дыверсій (і рабіў гэта разам з супрацоўнікам адной з расійскіх спецслужбаў). Гаворка ідзе пра выбухі і падпалы вайсковай інфраструктуры, прамысловых аб'ектаў.
37-гадовы Аляксандр таксама немец расійскага паходжання. Мяркуецца, што ён пачаў працаваць з Дытэрам не пазней за сакавік 2024-га. Пасяджэнне суда па абранні меры стрымання для яго пройдзе 19 красавіка.
Паводле версіі следства, падазраваныя збіраліся перашкодзіць дастаўцы вайсковай дапамогі з Германіі ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.