У гэтым годзе ў Мінску плануецца зрабіць платнымі для паркоўкі каля 10 вуліц
У гэтым годзе ў Мінску плануецца ўвесці плату за паркоўку на вуліцах Гікала, Платонава, Казлова, Акадэмічная, Петруся Броўкі, Шорная, Сухая, Мельнікайтэ, Жылуновіча і Даўгабродская.
Вуліцай, дзе неўзабаве паркоўка стане платнай, аказалася Карла Маркса. Грошы за паркоўку прыйдзецца плаціць пасля 12 сакавіка. Пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме.
Дырэктар ДУ “Паркоўкі сталіцы” Алег Ляшчынскі патлумачыў Еўрарадыё, што азначае "тэставы рэжым":
"На Карла Маркса сістэма пачала працаваць ў тэставым рэжыме з 5 лютага і працягне да 12 сакавіка. Гэта азначае, што грошай з аўтамабілістаў пакуль не бяруць, але паведамляем ім пра хуткія змены. Інфармуем насельніцтва аб будучых зменах, раздаём улёткі з інфармацыяй. У іх мы папярэджваем пра тое, што на Карла Маркса неўзабаве будзе платная паркоўка, а таксама распавядаем пра варыянты, як падаць сябе ў спіс доступу дваровых тэрыторый".
У Мінску цяпер 39 платных аўтамабільных парковак. Агульная колькасць машынамесцаў — 2543. Па словах Алега Ляшчынскага, у бюджэт горада штомесяц пералiчваецца каля двухсот тысяч рублёў.
Еўрарадыё: Што будзе, калі прыпаркаваць машыну і не заплаціць?
Дырэктар ДУ “Паркоўкі сталіцы” Алег Ляшчынскі: Уладальнік машыны атрымае паведамленне з датай і часам фіксацыі парушэння. Акрамя гэтага, у лісце будуць пазначаныя спосабы аплаты. Калі чалавек не захоча аплаціць, то ён застаецца ў нас у базе як "даўжнік", і на яго накладваюцца штрафныя санкцыі пры наступным парушэнні правілаў платнай паркоўкі.
Паркоўка будзе платнай па буднях з 8-й гадзіны раніцы да 20-й. Кошт стаянкі будзе складаць адзін рубель за гадзіну. Аплаціць стаянку можна праз смартфон, інтэрнэт-банкінг, аплатныя тэрміналы або праз "карты паркоўкі", якія прадаюцца ў кіёсках "Белсаюздрук".