У Гомелі траіх сяброў судзяць за падтрымку Украіны
У Гомелі судзяць сяброў, якія ўжо амаль год за кратамі
У Гомелі траіх сяброў судзяць за падтрымку Украіны. Абласны суд разглядае справу ў закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачвання невядомая. Суддзя — Алег Харошка.
Як паведамляе "Флагшток", абвінавачаныя — Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў і Уладзімір Каменаў. Яны ўжо амаль год знаходзяцца ў зняволенні (столькі доўжылася следства). Суд пачаўся 10 студзеня сёлета, пасля быў перапынак, а 6 лютага ён аднавіўся.
Мужчын абвінавачваюць адразу па некалькіх "палітычных" артыкулах: "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім", "абраза Лукашэнкі".
Мужчын затрымалі ў сакавіку 2023-га. На міліцэйскім відэа паказалі бел-чырвона-белы сцяг, намаляваны на сцяне гаража, нанесены фарбай на цэглу герб "Пагоня" і партрэт Чэ Гевары. Сяброў прымусілі сказаць, што яны стварылі чат, дзе перапісваліся паміж сабой, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў перапісках "абразілі Лукашэнку" і пісалі "няправільныя" каментары. А яшчэ яны нібыта мелі сувязі з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну. Відаць, менавіта гэта стала падставай для распачынання крымінальнай справы паводле артыкула "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.