У Гомельскай вобласці абвясцілі мабілізацыйныя вучэнні

Летась такія вучэнні прайшлі ў Магілёўскай вобласці​ / mogilev-region.gov.by
Летась такія вучэнні прайшлі ў Магілёўскай вобласці​ / mogilev-region.gov.by

Міністэрства абароны Беларусі аб'явіла аб правядзенні мабілізацыйнага вучэння з ваеннымі камісарыятамі Гомельскай вобласці. Вучэнне пройдзе з 22 чэрвеня па 1 ліпеня 2022 года. У Мінабароны кажуць, што яно планавае. І падкрэсліваюць, што яно праводзіцца штогод. Летась, да прыкладу, праходзіла ў Магілёўскай вобласці.

"Мэта — праверыць гатоўнасць ваенных камісарыятаў выконваць задачы па прызначэнні", — патлумачылі ў ведамстве. У ходзе вучэння будуць адпрацоўвацца пытанні па даўкамплектаванні ваенных камісарыятаў за кошт прызыву ваеннаабавязаных запасу. Іх выклічуць на зборы і правядуць з імі заняткі.

Адпраўка ваеннабавязаных у воінскія часці не плануецца. "Прызваныя ў ваенныя камісарыяты на навучальныя зборы ваеннаабавязаныя будуць удзельнічаць у мабілізацыйным вучэнні ў складзе ваенных камісарыятаў", асабліва падкрэслілі ў Мінабароны.

Украінскія палітыкі перыядычна звяртаюць увагу на ўзмацненне ваеннай прысутнасці на беларуска-ўкраінскай мяжы. Мінабароны Украіны раней казала пра сем беларускіх батальённа-тактычных груп, якія знаходзяцца на мяжы. Напярэдадні чалец Савета Рэспублікі ад Гродзенскай вобласці, палкоўнік запасу беларускай арміі Ігар Гедзіч пацвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле яго слоў, на паўднёвых межах Беларусі размяшчаюцца восем батальённа-тактычных груп, якія "выконваюць функцыю стрымлівання, натуральна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі