У Гродне прадпрымальнік судзіцца з гарвыканкамам

Чэслаў Касьяновіч падаў на гарвыканкам у суд за тое, што на ягонай аўтастаянцы  нечакана ўзяліся будаваць школу. Да таго чалавек тры гады асушваў балота на гэтым участку.
Касьяновіч атрымаў участак у 2001 г. Перад тым, як збудаваць аўтастаянку, ён мусіў асушыць амаль гектар балота. На гэта патраціў амаль тры гады і больш за мільярд рублёў. Побач выкупіў будынак, у якім зрабіў рамонт і адчыніў краму, кавярню і лазню. Зрабіў да яго некалькі прыбудоваў. Неўзабаве яму паведамілі, што частку будынкаў ён абавязаны знесці, а зямлю вярнуць. На ёй вырашылі пабудаваць школу.

Чэслаў  Касьяновіч кажа, што паводле генплана школы тут быць не павінна: яна  запланавана па-за межамі участка. Паводле ягоных словаў, высокі чыноўнік (цяпер гэты чалавек не на пасадзе) прасіў хабар за тое, каб прадпрымальнік працягваў спакойна займацца сваім бізнэсам. Калі ж ён адмовіўся, той паабяцаў адпомсціць, “перасунуўшы” школу проста на аўтастаянку. І сапраўды, у 2005 г. пайшлі размовы пра будаўніцтва. Паставіць школу на добраўпарадкаванай за чужы кошт тэрыторыі прасцей.

Увесь гэты час спадар Касьяновіч адстойваў свой кавалак зямлі, і высокія чыноўнікі абяцалі, што ўсё абыдзецца. Але ў 2007 г. будаўніцтва школы ўсё ж распачалося. Бізнэсмэн падаў у суд на гарвыканкам. Гарвыканкам настойвае на тым, што ў дамове арэнды напісана: участак даецца ў часовае карыстанне. І тое, што прадпрымальнік уклаў у яго столькі грошай, называюць “камерцыйнай рызыкай”.

Усе суды сканчаліся на карысць уладаў, пакуль бізнэсмэн не дайшоў да старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда Віктара Камянкова. Той накіраваў справу на паўторны разглад, звярнуўшы ўвагу на незразумеласці з генпланам. І гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці прыняў рашэнне, паводле якога школа лічылася пабудаванай на зямлі Чэслава Касьяновіча. Аднак гарвыканкам падаў апеляцыю, і апеляцыйная інстанцыя гэтага суда адмяніла рашэнне, прынятае на карысць прадпрымальніка.

Чэслаў Касьяновіч: – Тры гады я будаваў, аддаў  палову жыцця, каб  выраўняць для іх пляцоўку.  І яны потым адным махам  забіраюць. Тым больш, было абяцана вышэйшым кіраўніцтвам горада і вобласці, што ўсё будзе нармальна. І тут жа, праз дзень, усё змяняюць. Майго дзеда так жа раскулачвалі. Забралі карову, усё – і будзь здароў. Так і тут. Прыйшлі – не спыталі нічога, бульдозерам агароджу знеслі. І чалавек застаецца – нічога: ні павагі, ні закону…

Тым часам гарвыканкам і не думае  кампенсаваць кошт будынкаў або прадставіць  узамен іншы ўчастак. У першым выпадку спасылаюцца на тое, што на тэрыторыі, прадстаўленай у часовае карыстанне, юрыдычна не можа быць капітальных пабудоваў, а за часовыя кампенсацыя не прадугледжана. Што датычыць зямлі, дык за гэты час змяніўся парадак прадстаўлення ўчасткаў прадпрымальнікам. Калі раней дастаткова было звярнуцца ў гарвыканкам, дык зараз абавязковы ўдзел у аукцыёне. Таму прамой кампенсацыі быць не можа.



Вось Чэслаў Касьяновіч, які параўноўвае свой лёс з лёсам раскулачанага дзеда



А вось школа, якую пабудавалі на яго участку

Здымкі аўтаркі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі