У Іўі турыстаў затрымалі за фота на фоне ЗАГСа
Міліцыя запатрабавала ад гасцей з Мінска дакументы і дазвол на здымку.
У Іўі затрымалі кампанію турыстаў з Мінска — гэта здарылася 7 сакавіка. Пра свае прыгоды распавёў у “Жывым Журнале” блогер budgawl. Паводле блогера, да яго сяброўкі падышла міліцыя, калі яна фатаграфавалі кінатэатр і бібліятэку. Праваахоўнікаў цікавіла, ці мае турыстка дакументы і адкуль яна прыехала. Пасля дзяўчыну папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі.
Сябры затрыманай знаходзіліся ў іншым канцы плошчы і толькі выпадкова заўважылі, што адбываецца. Яны далучыліся да сваёй сяброўкі і добраахвотна прайшлі ў міліцыю.
Міліцыя доўга правярала затрыманых на наяўнасць судзімасцяў і прыцягненняў. Яны пыталіся ў турыстаў, навошта яны прыехалі ў Іўе і хто ім параіў менавіта гэты горад, навошта ім фота і дзе яны працуюць.
Прыкладна праз гадзіну турыстаў папрасілі выдаліць фота, на якія трапіла пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС.
Пасля выдалення здымкаў міліцыя адпусціла затрыманых і прынесла свае прабачэнні.
Чытайце таксама Што рабіць, калі міліцыя вас затрымала за фатаграфаванне будынка і Міліцыя: Нельга фатаграфаваць любыя адміністрацыйныя аб’екты!