У кавярні “Стары Менск” адкрылася фотавыстава “Нашы дзеці” (Фота)

Свае працы, прысвечаныя тэме дзяцінства, прадставілі беларускія фатографы. У сусветны Дзень дзяцей у сталічнай кавярні “Стары Менск” адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы “Нашы дзеці”. Яе ў другі раз ладзіць валанцёрская ініцыятыва “Разам — дзецям”.

У фотавыставе прадстаўленыя здымкі на тэму дзяцінства, яскравыя, эмацыйныя фота дзяцей ад розных аўтараў: Аляксандра Васюковіча, Таццяны Гаўрыльчык, Андрэя Лянкевіча, Хрысціны Карчэўскай і інш.

Паліна Уліна, арганізатар: “Мы хочам, каб усе вучыліся шчырай непрыхаванай радасці ў дзяцей, бо хто яшчэ як не дзеці навучаць дарослых сапраўднаму яскраваму чалавечаму шчасцю нават у цяжкія жыццёвыя моманты!”

У святочнай імпрэзе таксама бралі ўдзел музыкі — Солнечный Сахалин і Рэха.

Даведка Еўрарадыё: валанцёрская ініцыятыва “Разам — дзецям” (http://community.livejournal.com/my_dzieciam/) — гэта супольнасць актыўных, маладых ды творчых людзей, якіх яднае адно — жаданне дарыць радасць дзецям.

Яны не возяць падарункі ў дзіцячыя дамы, а займаюцца з дзецьмі адукацыйнымі гульнямі, ладзяць для іх спартовыя спаборніцтвы, экскурсіі і творчыя конкурсы.

Фотавыстава будзе адкрытая для прагляду на працягу бліжэйшых двух тыдняў.









Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі