У Кіеве Герман са "Шмайсера" заявіў, што працаваў на контрразведку
У Кіеве суд арыштаваў на два месяцы падазраванага ў арганізацыі замаху на журналіста Аркадзя Бабчанку. Барыс Герман, выканаўчы дырэктар сумеснага ўкраінска-нямецкага прадпрыемства "Шмайсер" (адзінае ва Украіне прыватнае прадпрыемства па вытворчасці зброі), заявіў, што насамрэч працаваў на ўкраінскую контрразведку. Паводле слоў падазраванага, ён стаў супрацоўнічаць са спецслужбай пасля таго, як да яго звярнуўся даўні знаёмы, які жыве ў Маскве і "займаецца ў фондзе Пуціна арганізацыяй беспарадкаў ва Украіне", адказвае "за арганізацыю тэрактаў і дзяржаўнага ўзброенага перавароту на наступных прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне". Герман нават назваў яго — грамадзянін Украіны Вячаслаў Піваварнік. Аднак ён не ўдакладніў, якую ролю гэты чалавек адыграў у "справе Бабчанкі". Пра Піваварніка гл. тут.
Як вядома, расійскі журналіст Аркадзь Бабчанка ў апошнія гады жыве з сям'ёй ва Украіне. Увечары 29 траўня ў Кіеве адбылася інсцэніроўка яго забойства, а на наступны дзень затрымалі імавернага арганізатара — Германа. Пра тое, што Бабчанка жывы, стала вядома толькі на наступны дзень. Высветлілася, што Аркадзь Герман замовіў забойства ветэрану вайны на Данбасе Аляксею Цымбалюку, а той пайшоў у СБУ. І на працягу двух месяцаў праводзілася спецаперацыя. З Расіі, нібыта, планавалі замовіць забойства 30 чалавек ва Украіне, найперш "для дэстабілізацыі сітуацыі".
У судзе Герман заявіў, што пра зварот знаёмага з Расіі ён паведаміў кіраўніцтву ўкраінскай контрразведкі і яму даручылі працягваць кантакт, каб вывучыць грашовыя патокі, якія ідуць ва Украіну для фінансавання палітыкаў і тэрарыстычных груп. Спіс з 30 чалавек ён, нібыта, перадаў сваім куратарам. Яны, па словах падазраванага, і прапанавалі кандыдатуру на кілера Цымбалюка — былі ўпэўненыя, што ён адразу пойдзе ў СБУ і ніякага забойства не будзе. Як інфармуе УНІАН, пракурор заявіў, што словы Барыса Германа пра супрацоўніцтва з контрразведкай — няпраўда: "Ён не з'яўляецца і не быў агентам Службы бяспекі Украіны ці контрразведкі, якая з'яўляецца структурным падраздзяленнем СБУ".