У Кіеве сёння працягнулася акцыя пратэсту апазіцыі (відэа)
Раніцай прыхільнікі еўраінтэграцыі прыйшлі да будынку ўраду Украіны.
Там праходзіць пікетаванне, у ім удзейнічаюць сотні людзей. Удзельнікі "еўрамайданаў" у Кіеве і іншых гарадах Украіны па-ранейшаму патрабуюць ад ураду падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.
На вечар запланаваныя чарговыя масавыя акцыі на Майдане Незалежнасці і Еўрапейскай плошчы ўкраінскай сталіцы. Учора якраз каля Еўрапейскай плошчы адбыліся сутыкненні дэманстрантаў і праваахоўнікаў. Там апазіцыянеры штурмавалі мікрааўтобус, у якім, як яны лічылі, сядзелі супрацоўнікі спецслужбаў і займаліся праслухоўваннем. Мікрааўтобус быў пашкоджаны, а супрацоўнікі СБУ атрымалі траўмы. Міліцыя можа распачаць крымінальную справу.
Позна ўвечары дэманстранты і міліцыянты зноў выкарыстоўвалі газ.
Нагадаем, учора стала вядома, што экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка пачала бестэрміновую галадоўку — яна патрабуе ад прэзідэнта Віктара Януковіча падпісаць дамову з ЕС.
Дарэчы, еўракамісар Штэфан Фюле заявіў, што Украіна мае час прыняць рашэнне аб асацыяцыі да раніцы пятніцы. ЕС будзе чакаць.
Кіраўнікі ЕС прынялі заяву пра "знешні ціск" на Украіну з боку Расіі
Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння пагаднення і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.
Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі. Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі. Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.
Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.
Фота — ria.ru, AFP