У конкурснай версіі песні NaviBand загучалі дуда і скрыпка

У конкурснай версіі песні NaviBand загучалі дуда і скрыпка

Прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2017" NaviBand прадставілі конкурсную версію песні "Гісторыя майго жыцця". У такім выглядзе — з дудой і скрыпкай — яна прагучыць у траўні ў Кіеве. Сама аранжыроўка трэка стала больш шчыльнай, напрыканцы з'явіўся брыдж. Лічбавы рэліз сінгла на iTunes і аналагічных носьбітах адбудзецца 7 сакавіка.

 

"Зацвярджаў" новае гучанне песні лідар гурта "Палац" Алег Хаменка, з якім NaviBand сябруюць і маюць сумесны трэк "Плакалі ветры".


"Для мяне сімвалічна, што праз 10 гадоў пасля ўдзелу гурта "Палац" у паўфінале адборачнага туру "Еўрафэста" з песняй на беларускай мове на конкурсе ўсё ж прагучыць наша мова, ды яшчэ і ў выкананні такіх таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з NaviBand",  — кажа Хаменка.

У конкурснай версіі песні NaviBand загучалі дуда і скрыпка
Фота прадстаўленае мэнэджмэнтам гурта

Разам з новай аранжыроўкай NaviBand прэзентуюць фірменнае лога беларускай дэлегацыі на конкурсе. Лагатып намаляваны ўручную і аблічбаваны беларускім дызайнерам Марына Ліс. У ім яна аб'яднала фірмовы стыль Navi і беларускі арнамент: "зямля і сонца". Таксама заяўлены слоган, з якім беларуская дэлегацыя едзе на конкурс у Кіеў "#NaviBand from #BelarusLand". Афіцыйным хэштэгам для "Еўрабачання" дэлегацыя выбрала #Heyheyhayayayayo

 

Цяпер NaviBand пачалі штодзённыя заняткі вакалам і працу з рэжысёрам па пастаноўцы нумара. У бліжэйшы час музыкі наведаюць з прома-паездкай Латвію, Нідэрланды і Ізраіль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі