У Койданаўскім вадасховішчы — масавы мор рыбы, але лавіць яе не забараняюць
Мор рыбы ў Койданаўскім вадасховішчы
У Койданаўскім вадасховішчы адбыўся масавы мор рыбы. Як піша dzr.by, дзясяткі тушак мёртвай рыбы плаваюць у вадзе або ляжаць на беразе.
Пра мор рыбы зранку 23 траўня ў Дзяржынскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведаміў мясцовы жыхар. На месцы здарэння спецыялісты налічылі больш за 500 галоў срэбранага карася. Сярэдняя вага адной рыбы — каля 250-350 грам.
Для правядзення паразіталагічных абследаванняў рыбу забралі спецыялісты Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі. Лабараторнымі даследаваннямі вады на прадмет забруджвання займаецца Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
"На месцы вымяралі ўтрыманне кіслароду ў вадзе. Па словах спецыялістаў, паказчыкі ў норме. Прычыны гібелі высвятляюцца. Вынікі даследаванняў будуць гатовыя на працягу тыдня", — кажа начальнік раённай інспекцыі Дзмітрый Цярэшка.
Ён падкрэслівае, што падчас абследавання не выявілі патэнцыйных крыніц забруджвання, таму лавіць рыбу ў Койданаўскім вадасховішчы цяпер не забаронена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.