У Кракаве ўшануюць памяць беларуска-польскага музыкі Генэка Лоскі
8 кастрычніка у Кракаве пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных нядаўна памерламу беларуска-полькаму музыку Генэку Лоску.
У 17:00 у Дамініканскай царкве, што на вуліцы Сталярская 22, адбудзецца імша за Генэка. У 19:00 у клубе Jaszczury пройдзе развітальны канцэрт. Ад 20:50 усе ахвочыя могуць прыйсці на галоўны кракаўскі рынак, дзе любіў граць Генэк, і сімвалічна з ім развітацца. Арганізатары івента запрашаюць далучыцца да ўшанавання памяці Генэка Лоскі беларусаў, якія жывуць у гэтым горадзе.
Генэк Лоска памёр 9 верасня ў Белаазёрску ў бацькоўскім доме пасля працяглай хваробы, выкліканай інсультам. Яму было 45 гадоў.
Ён спяваў з дзяцінства, хадзіў у музычную школу і граў на гітары. Паступіў у Гродзенскае культасветвучылішча, дзе разам з сябрамі стварыў блюзавы гурт Seven B. У 1992 годзе каманда паехала на “Басовішча” і засталася ў Польшчы — граць на вуліцах і такім чынам зарабляць грошы. Хлопцы атрымалі польскае грамадзянства. Трыа Seven B перарасло ў моцны хард-блюзавы квінтэт, які актыўна гастраляваў па Польшчы і выпускаў альбомы.
Удзел у першым сезоне польскага тэлешоў X Factor у 2011 годзе прынёс Генэку сапраўдную славу. Але музыка падкрэсліваў, што не лічыць сябе знакамітасцю і ніколі не будзе зоркай. І працягваў граць на вуліцах. Гэта было яго жарсцю.
Генадзя Лоску знайшлі ў непрытомным стане 5 траўня 2018 года ў цэнтры Белаазёрска — ён прыехаў да мамы, каб зрабіць від на жыхарства ў Беларусі. У музыкі дыягнаставалі левабаковы інсульт і закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Цягам 2,5 гадоў Генэк ляжаў паралізаваным у бацькоўскай кватэры, пры гэтым знаходзячыся ў прытомнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.