У крызіс банкрутаў стала менш, чым да яго

Прадпрымальнікі гатовыя нават зарабляць менш, толькі каб не працаваць на дзяржаву. Яны ідуць у малы бізнэс нават пад пагрозай банкруцтва У Вышэйшы Гаспадарчы Суд Беларусі ў першай палове 2009 года трапіла 1048 заяваў аб прызнанні банкруцтва. Гэта на 11% больш у параўнанні з мінулым годам. А амаль палова  прадпрыемстваў-банкрутаў зарэгістравана ў сталіцы, сярод іх, напрыклад, кавярня “Бярозка”. Банкрутамі сёлета прызналі таксама агракамбінат “Новы шлях” Добрушскага раёна, кансервавае прадпрыемства “Лёзненскае” ды віцебскі завод “Мегам”.

Супрацоўнікі Вышэйшага Гаспадарчага Суда каментаваць уласную статыстыку адмаўляюцца. Кажуць толькі, што павелічэнне лічбы зваротаў да іх нічога не азначае: банкрутамі сёлета прызнана менш прадпрыемстваў, чым у мінулым годзе:

Супрацоўніца Вышэйшага Гаспадарчага Суда: “Не ўсе звароты выклікаюць распачынанне справы аб банкруцтве. Некаторыя вяртаюцца, звароты павялічыліся, а справаў менш, чым у мінулым годзе.”

А вось эканаміст Зміцер Бабіцкі лічыць, што насамрэч у цяжкім становішчы знаходзіцца значна больш прадпрыемстваў — проста не ўсіх суды прызнаюць банкрутамі. Юрыдычныя працэдуры не заўсёды адлюстроўваюць рэчаіснасць:

Зміцер Бабіцкі: “Гэтая справа яўна не рэальнага сектара, а юрыспрудэнцыі. Гэта працэдуры, то бок таго, як гэта ўсё разглядаецца, якім чынам прымаюцца рашэнні — з гэтым звязана”.

Прэзідэнт Савета па развіцці прадпрымальніцтва Таццяна Быкава таксама згадзілася, што колькасць банкрутаў — не паказчык. Банкрутамі прызнаюць у асноўным буйныя прадпрыемствы, а малыя звычайна зачыняюцца самі, без судовых разбіральніцтваў:

Таццяна Быкава: “Нават калі прадпрыемства малое выйшла на страты, гэта не значыць, што яно банкрут. Паняцце банкруцтва больш звязана з буйным бізнэсам, калі ідзе судовае разбіральніцтва з даўжнікамі”.

Дакладна сказаць, колькі ж прадпрыемстваў сёлета зачынілася з-за крызісу, у Савеце па развіцці прадпрымальніцтва змогуць толькі ў наступным годзе, калі атрымаюць справаздачы за 2009 год. Праўда, згодна са словамі Таццяны Быкавай,  нягледзячы на крызіс, малых прадпрыемстваў становіцца ўсё больш:

Таццяна Быкава: “Тэндэнцыя да запаволення тэмпаў росту колькасці эканамічных суб’ектаў не адлюстроўваецца — з пачатку года ідзе рост”.

Эканаміст Зміцер Бабіцкі мяркуе, што такую з’яву можна лёгка патлумачыць. Індывідуальныя прадпрымальнікі, нават сутыкаючыся з цяжкасцямі, не хочуць ісці на заводы ды фабрыкі. Яны вырашаюць працягваць сваю дзейнасць як ЧУПы, хоць і з меншым прыбыткам. А ЧУП — гэта ўжо малое прадпрыемства, менавіта таму іх і становіцца больш.

Зміцер Бабіцкі: “Іпэшнік, які меў наймітаў, зарэгістраваў яшчэ некалькіх іпэшнікаў як сваіх наймітаў. Яны так папрацавалі — бачаць, што абмежаванні вялікія, і пачынаюць пераходзіць у фірмачкі. Свае фірмачкі адчыняюць”.

Калі ж параўноўваць канец мінулага года з 2007-м, калі крызіс яшчэ не пачаўся, таксама ўсплываюць цікавыя звесткі. У 2008 годзе прадпрыемствы працавалі больш эфектыўна, чым у 2007-м, а стратных кампаній было значна менш.


Фота — "Тэлеграф"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі