У Купалаўскім тэатры рыхтуюць спектакль "Блатныя фраеры"
У новым сезоне галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін рыхтуе новую пастаноўку. Як паведамляе Радыё "Свабода", спектакль "Блатныя фраеры" пачнуць ставіць у студзені 2019 года.
Асновай для пастаноўкі будзе раман "Яблычак" польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага. Гэта першы раман з яго "Мінскай трылогіі".
Падзеі ў рамане разгортваюцца ў часы абвяшчэння БНР, увесну 1918 года. У выніку Першай сусветнай вайны Мінск стаў прыфрантавым горадам, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расійскай імперыі сцягнуліся зладзеі, прастытуткі і махляры. Кніга каштоўная тым, што яе аўтар — сведка і ўдзельнік тых падзей, добра абазнаны ў рэаліях злачыннага свету.
Пінігін кажа, што шмат гадоў марыў зрабіць такую вандроўку — пашпацыраваць па Мінску, якога сёння ўжо няма.
Вучні Пінігіна таксама рыхтуюць прэм'еры ў Купалаўскім. Віталь Краўчанка ставіць спектакль "Вешальнікі" па п’есе Марціна МакДонаха, Дзмітрый Цішко — п’есу Паўла Пражко "Ураджай" (на Камернай сцэне). Напрыканцы сезону Алена Ганум паставіць "Беларусь у фантастычных апавяданнях" паводле твора Яна Баршчэўскага.