У Латвіі памежнікаў адклікаюць з адпачынкаў, каб узмацніць мяжу з Беларуссю
Мяжа Латвіі / LETA
Дзяржаўная памежная служба (ДПС) Латвіі абвясціла з 15 жніўня тэрміновую мабілізацыю сіл для ўзмацнення аховы ўсходняй мяжы, піша Delfi.
Адпаведнае рашэнне было прынятае ў сувязі з хуткім узрастаннем гібрыднай пагрозы на мяжы з Беларуссю. За апошнія суткі памежнікі зафіксавалі 96 спробаў незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы. Таксама ў Латвіі кажуць, што беларускія сілавікі сталі актыўна дапамагаць нелегальным мігрантам.
Паведамляецца, што латвійскіх памежнікаў перасталі адпускаць у штогадовы адпачынак. А тых, хто ўжо атрымаў такі адпачынак, адклікаюць з яго.
Таксама ДПС запрасіла дадатковую падтрымку ў войска і паліцыі.
Міністр абароны Латвіі Інара Мурніецэ ўжо распарадзілася, каб Нацыянальныя Узброеныя сілы накіравалі дадатковыя сілы да латвійска-беларускай мяжы на дапамогу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.