У Літве адрэагавалі на крымінальную справу, распачатую ў Беларусі
Беларусь за калючым дротам / delfi.lt
У Літве адрэагавалі на крымінальную справу, распачатую ў Беларусі супраць літоўскага боку за "злачынствы супраць бяспекі чалавецтва". "Чарговай правакацыяй недэмакратычнага беларускага рэжыму" назвала яе кіраўніца Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Паводле яе слоў, мэтай правакацыі з'яўляецца "прыніжэнне імя нашых памежнікаў і падрыў рэпутацыі літоўскай дзяржавы на міжнароднай арэне".
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі абвінавачвае Літву ў "грубым парушэнні патрабаванняў міжнароднага права" ў дачыненні да мігрантаў. Пры гэтым вядома, што міграцыйны крызіс на межах з краінамі ЕС арганізавалі менавіта беларускія сілавікі, якія дагэтуль спрыяюць нелегальнаму пераходу грамадзян краін Азіі і Афрыкі ў Літву, Польшчу і Латвію.
"Мы хацелі б адзначыць, што Літва выконвае ўсе свае міжнародныя абавязацельствы і паважае свабоды і правы чалавека, — кажа кіраўніца літоўскага МУС. — Замежнікам, якія незаконна перасеклі або спрабуюць перасекчы тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, аказваецца ўся неабходная гуманітарная дапамога".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.