Чыноўнікі думаюць над скарачэннем, але… набіраюць новых служачых

Не паспелі чыноўнікі прыйсці ў сябе ад “аптымізацыі кадраў-2013”, як Лукашэнка зноў дае заданне зменшыць колькасць служачых. І не на чвэрць, а ўдвая!

“Мы можам яшчэ ўдвая скарадзіць дзяржапарат, падняўшы дысцыпліну і прыбраўшы ад дзяржапарату функцыі, якія яму не ўласцівыя і нават шкодныя!”, — загадвае Лукашэнка

У аддзеле кадраў Мінаблвыканкама цікавімся, як зменшыць толькі што скарочаны апарат.

“Мы гэтае пытанне прапрацоўваем, раздалі заданні кожнаму аддзелу”, — завярае намеснік начальніка аддзела кадраў Святлана Уласава і дадае, што часу на размовы няма: два чалавекі чакаюць сумоўя на працу ў Мінаблвыканкам!

А як жа скарачэнне? Адчуваецца дэжа-вю, бо падчас мінулай кампаніі часам скарачаліся не чыноўнікі, а вакансіі.

“У любым аддзеле знойдуцца вакансіі”, — папярэджвае намеснік кіраўніка аддзелу кадраў. Толькі па Мінаблвыканкаме налічваем 17 вольных месцаў, а яшчэ ёсць вакансіі па раёнах!

У прэс-службе Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Еўрарадыё кажуць, што не кампетэнтныя казаць пра новае скарачэнне. Па-першае, пра гэта толькі сказаў кіраўнік дзяржавы, па-другое, няма ніякіх папер ці загадаў, па-трэцяе — аналізаваць рашэнні Лукашэнкі ніяк нельга.

“Як нам скажуць, так і будзе. Скажуць скарачаць, будзем скарачаць”, — рапартуюць у многіх ведамствах.

У Дзяржынскім райвыканкаме нечакана пагаджаюцца з кіраўніком дзяржавы. Апарат скарачаць трэба.

“Гэта можа адбыцца за кошт пазбаўлення нас функцый, не ўласцівых нам. Да прыкладу, мы ўзгадняем усталяванне газавага абсталявання. Хоць у нас па сутнасці няма чалавека на гэта. Па сутнасці, гэтым можа займацца “Райгаз”, але ідуць да нас. І работнік рыхтуе адказ. І многа такіх функцый”, — тлумачаць у Дзяржынскім райвыканкаме.

Тут узгадваюць мінулую “аптымізацыю” — скарацілі каля 27%! Працавала каля 150 чалавек, а цяпер 100! Хто пайшоў у бізнес, хто ў эканоміку.

Чыноўнік заўважае пра непапулярнасць працы на дзяржслужбе. Маўляў, перспектыўнай моладзі мала, стаўленне людзей — ніякае. А спецыялістаў, якія б валодалі камп'ютарнымі тэхналогіі, свабодна б арыентаваліся ў інтэрнэце, у дзяржапараце не хапае.

“Заробак пасля аптымізацыі паднялі на 700 тысяч, я атрымліваю як школьны дырэктар з надбаўкамі і стажам! А тут яшчэ новы закон пра карупцыю: крок улева, управа — расстрэл. Можна і без пенсіі застацца, а адказнасць велізарная! А ў маладога спецыяліста заробак — 3,2 мільёна! Я сяджу ў камісіі па прыйманні на працу на дзяржслужбу і скажу, што кадры прыходзяць вельмі слабыя. Закон “Аб дзяржслужбе” пачытаюць, і ўсё. А талковых спецыялістаў не хапае! Мо пасля гэтага скарачэння прэстыж службы неяк павысіцца”, — як і кіраўнік дзяржавы намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама спадзяецца на павышэнне папулярнасці месца пры ўладзе.

У прэс-службе кіраўніка дзяржавы Еўрарадыё кажуць, што пакуль ніякіх крокаў у гэтым накірунку, кшталту стварэння камісіі ці прызначэння адказных за скарачэнне чыноўнікаў не было зроблена.

Нагадаем, падчас скарачэння чыноўнікаў паводле прэзідэнцкага ўказу № 162 ў 2013 годзе, дзяржапарат таксама пазбаўлялі ад “шкодных і неўласцівых функцый”. Тады, быццам бы скарацілі дзяржапарат на 13 617 адзінак і перагледзелі функцыі дзяржаўных органаў. Але надышоў час і “не ўласцівыя функцыі і лішнія чыноўнікі з’явіліся зноў”. Праўда, пакуль новага Указа аб скарачэнні яшчэ не з’явілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі