У Мінску абрабавалі сына вядомага бізнэсмэна Шакуціна
Аляксандр Аляксандравіч Шакуцін — сын вядомага ў Беларусі бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна, кіраўніка холдынгу "Амкадор".
У Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі 2013 года Шакуцін-бацька, займае другое месца. Сам 28-гадовы сын бізнэсмэна сёння ўзначальвае кампанію "Спамаш-груп", якая займаецца дыстрыбуцыяй дарожна-будаўнічай, лесапрамысловай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак у Беларусі ды Расіі.
Як піша "Ежедневник", рабаванне адбылося яшчэ 19 верасня. Але вядома пра яго стала толькі цяпер, калі міліцыя здолела затрымаць банду налётчыкаў.
Паведамляецца, што каля 9 гадзін раніцы ў дзверы кватэры па вуліцы Кузьмы Чорнага, дзе жыве Аляксандр Шакуцін, пазванілі два невядомыя. Каб трапіць у кватэру, яны назваліся працаўнікамі ЖЭС. У кватэры адзін з іх дастаў пісталет. Пад пагрозай зброі яны звязалі ўсіх, хто быў дома, і вынеслі з кватэры 7 тысяч долараў, 800 індыйскіх рупій і ювелірныя вырабы. З месца злачынства яны ўцяклі са сваім трэцім змоўшчыкам, які чакаў іх у машыне. Уніформу яны кінулі ў лесе, а таксама ў смеццевым кантэйнеры адной з вёсак Мінскага раёна.
Па гарачых слядах злачынцаў шукалі са службовым сабакам, але гэта не дало вынікаў. Урэшце праваахоўнікі выявілі падазраваных. Па іх звестках, разбойны напад учынілі тры 28-гадовыя мінчукі. Два з іх нідзе не працуюць. На ўсіх трох пачалі крымінальную справу. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Фота — dailynews.kz