У Мінску аднаўляюць пашкоджаны метрабудаўнікамі трубаправод
Вада ў кватэрах мінчукоў з'явілася яшчэ ўначы
Раніцай 1 лютага мінскія ўлады са спасылкай на Мінскводаканал паведамілі, што водазабеспячэнне ў квартале вуліц Багдановіча — Кульман — Куйбышава — Сурганава "ва ўсіх спажыўцоў адноўлена" яшчэ да 2-й гадзіны ночы. Ніякіх падрабязнасцяў ліквідацыі наступстваў аварыі на трубаправодзе халоднага водазабеспячэння не паведамлялася. Але minsknews.by ўжо рапартуе: "Пашкоджаны трубаправод у Савецкім раёне аператыўна адрамантавалі".
Аднак ратавальнікі ўдакладнілі, што ўначы водазабеспячэнне ў квартале аднавілі "па абводных лініях", а "працы па аднаўленні пашкоджанага ўчастка" будуць праводзіцца 1 лютага.
Згаданы трубаправод дыяметрам 300 мм у сераду, 31 студзеня, каля 21-й гадзіны пашкодзілі падчас правядзення земляных работ па пракладцы інжынерных камунікацый супрацоўнікі арганізацыі "Інвестбуд" (здарэнне адбылося каля 137-га дома па вуліцы Багдановіча). Без халоднай вады заставаліся 15 шматкватэрных жылых дамоў. Для іх арганізавалі падвоз пітной вады ў аўтамабільных цыстэрнах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.