У Мінску асудзілі яшчэ двух актывістаў "Альтэрнатывы"
Пра арышт Аляксандра Сцепаненкі і Уладзіміра Сяргеева паведаміў лідар аб'яднання Алег Корбан.
У каментары Еўрарадыё ён распавёў, што пра арышт сябры "Альтэрнатывы" даведаліся выпадкова.
Алег Корбан: "Калі ўчора ўвечары тэлефанавалі на Акрэсціна, каб даведацца аб лёсе затрыманага і асуджанага Іллі Дабратвора, праз камунікацыю з дзяжурным высветлілася, што на Акрэсціна завезлі яшчэ двух хлапцоў. Адпаведна, мы даведаліся імёны. І аказалася, што гэта два нашыя сябры. Якраз супаставілі дадзеныя, што не можам іх знасці ні мы, ні іх сябры, ні родныя-блізкія..."
Па словах Корбана, Сцепаненку і Сяргеева затрымалі ўвечары 22 красавіка. Іх абвінавацілі ў лаянцы матам у публічным месцы і асудзілі на 5 сутак. Лідар "Альтэрнатывы" лічыць, што затрыманні звязаныя найперш з блізкім "Чарнобыльскім шляхам".
Як паведамляла Еўрарадыё, у сераду на 10 сутак асудзілі актывіста "Альтэрнатывы" Іллю Дабратвора. Напярэдадні яго затрымалі з нацыянальнай сімволікай, якую хлопец перавозіў у сваім аўтамабілі.
Фота — wedding-magazine.ru