У Мінску будуць судзіць турагента, які падмануў каля 100 кліентаў
Пацярпелыя на адпачынак так і не трапілі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Каля ста чалавек пацярпелі ад дзеянняў мужчыны, які прадстаўляўся турагентам. Яго будуць судзіць за махлярства і замах на махлярства ў асабліва буйным памеры. Пра гэта расказалі ва Упраўленні Следчага камітэта па Мінску.
У міліцыю прыйшоў адзін з кліентаў. Па парадзе знаёмых ён звярнуўся да 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, яго рэкамендавалі як турагента. Мужчыны абмеркавалі па тэлефоне дэталі жаданага тура, падпісалі дагавор, кліент аддаў турагенту амаль 15 тысяч рублёў. Авіябілеты і ваўчары прадпрымальнік абяцаў выдаць за некалькі дзён да вылету.
"Замест гэтага турагент прыдумаў гісторыю пра памылку авіякампаніі і прапанаваў кліенту перанесці сямейны адпачынак на некалькі дзён", — кажуць у СК. Але затым паездку зноў прыйшлося адкласці — прадпрымальнік распавядаў пра праблемы з перавозчыкам і пра тое, што ліквідаваць праблему не атрымліваецца. Кліент зразумеў, што самастойна вярнуць грошы не атрымаецца.
Следчыя ўстанавілі яшчэ 100 пацярпелых ад ашуканскіх дзеянняў гэтага ІП, а таксама высветлілі, што на момант складання дамоваў у фігуранта не было рэальнай магчымасці выканаць абавязанні. Ён таксама меў патрэбу ў грошах. У выніку з лістапада 2021 года па жнівень 2022 года ён змог займець больш за 441 тысячу рублёў.
Следчыя таксама высветлілі, што ўвесь гэты час мужчына працаваў прадаўцом у адной з прыватных фірмаў сталіцы. На яго маёмасць (коштам больш за 30 тысяч рублёў) быў накладзены арышт. Пакрыць матэрыяльную шкоду ён змог часткова. Мужчына затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.