З вясны ў Беларусі запрацуе сістэма процідзеяння кібермахлярам

Падазроныя транзакцыі будуць замарожваць, ілюстрацыйнае фота

Падазроныя транзакцыі будуць замарожваць, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

З сакавіка ў Беларусі запрацуе маштабная сістэма процідзеяння кібермахлярствам, расказаў прадстаўнік Следчага камітэта Іван Судніковіч. Цяпер, з ягоных слоў, ідуць "арганізацыйныя, прававыя і тэхнічныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы для яе запуску". Ён таксама нагадаў, што беларускія грамадзяне страчваюць штогод дзясяткі мільёнаў рублёў. Іх выкрадаюць транснацыянальныя групы. Грошы звычайна выводзяцца за мяжу. Пры пісьменна выбудаванай схеме ўся працэдура па вывадзе грошай займае ад некалькіх гадзін да некалькіх хвілін.

У рамках новай сістэмы процідзеяння кібермахлярам беларускія банкі будуць выяўляць нетыповыя паводзіны кліентаў, піша Sputnik са спасылкай на прадстаўніка Нацбанка Беларусі Іну Лягчылаву. Адной з прыкмет падазронай аперацыі могуць, да прыкладу, быць два плацяжы запар з розных IP-адрасоў. У выпадку ўзнікнення падазрэнняў аперацыю могуць прыпыніць на двое сутак. За гэты час супрацоўнікі банка павінны будуць звязацца з кліентам і ўдакладніць, ці сапраўды ён здзяйсняў гэтую аперацыю.

Нагадаем, што ў жніўні 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб новай сістэме барацьбы з кібермахлярамі. Дакумент прадугледжвае, што банкі будуць абменьвацца інфармацыяй аб несанкцыянаваных плацежных аперацыях. Удзельнічаць у гэтым абмене інфармацыяй будуць і праваахоўныя органы. Прадугледжана таксама стварэнне аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў Нацбанка (АСАІ).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі