У Мінску калона пратэстоўцаў прыходзіла да расійскай амбасады
У Мінску калона пратэстоўцаў прыходзіла да расійскай амбасады, якую ахоўваў АМАП, побач стаялі аўтазакі. Дыпламатам праз міліцыю перадалі рэзалюцыю антыінтэграцыйнага мітынга, які ў нядзелю прайшоў на Кастрычніцкай плошчы. З сілавікамі размаўляў адзін з лідараў пратэстаў сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец. У калоне, якая рухалася па ходніках, было да тысячы чалавек. Яны скандавалі "Незалежнасць!".
На гэтым несанкцыянаваная вулічная акцыя, якая пачалася ў цэнтры Мінска а 12-й гадзіне, не скончылася, людзі вяртаюцца ў цэнтр сталіцы. Затрыманняў не было.
7 снежня ў Сочы сустракаліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, але яны не падпісалі ніякіх дакументаў па "паглыбленні інтэграцыі". Наступная сустрэча прызначана на 20 снежня. У гэты дзень у Мінску апазіцыя збіраецца правесці наступную вулічную акцыю. Першая несанкцыянаваная акцыя прайшла 7 снежня, сілавікі нікога не затрымлівалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.