Севярынец: Можна спакойна пратэставаць супраць інтэграцыі. Калі такое яшчэ было?
У Мінску ў нядзелю працягваецца несанкцыянаваная акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. На Кастрычніцкай плошчы зноў сабраліся людзі. У суботу на акцыю прыйшлі да тысячы чалавек. Яна была прымеркавана да перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, якія не скончыліся падпісаннем дакументаў. Наступная сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі прызначана на 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.
Адзін з лідараў пратэстаў, сябра аркамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец у эфіры Радыё Свабода заявіў, што "праблема нікуды не дзелася", нават нягледзячы на тое, што не было падпісання дакументаў. Ён лічыць ганебным тое, што перамовы "абсалютна закрытыя", што пасля іх кіраўнікі краін устрымаліся ад каментароў. І гэта абурае людзей, кажа Севярынец. Ён заявіў, што пратэсты будуць працягвацца. Вулічная акцыя пройдзе ў цэнтры Мінска 8 снежня, падрыхтаваны праект рэзалюцыі. Таксама апазіцыя будзе рыхтаваць акцыю да 20 снежня, калі Лукашэнка і Пуцін зноў збіраюцца сустракацца.
"Зараз можна спакойна пратэставаць супраць інтэграцыі. Калі такое яшчэ было?", — кажа Павел Севярынец. Як вядома, сілавікі не затрымлівалі пратэстоўцаў, а акцыя была несанкцыянаваная. Севярынец кажа, што задача пратэстаў "не падтрымка рэжыму, а выступ супраць імперыі, а ў будучыні — змяніць дыктатуру".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.