У Мінску міліцыя паведаміла ўкраінскай журналістцы, што яна мусіць з'ехаць
У Мінску міліцыя паведаміла ўкраінскай журналістцы Міхайліне Скорык, што яна мусіць з'ехаць з Беларусі. Высветлілася, што грамадзянка Украіны апынулася ў расійскім "чорным спісе", а таму яна непажаданая і на беларускай тэрыторыі. Пра гэта ўкраінку праінфармавалі ў Фрунзенскім РУУС Мінска ды выдалі адпаведны дакумент. "З'язджайце і больш да нас не вяртайцеся. Бо наступствы могуць быць сур'ёзнымі", — пераказала словы беларускага міліцыянера Міхайліна Скорык.
Вядома, што Скорык прыехала ў Мінск у госці да сваіх сяброў на пяць дзён. Яна ў апошнія гады займаецца адукацыйнай і аналітычнай дзейнасцю, да штату рэдакцый не належыць. У аэрапорце ў Мінску да яе не было ніякіх пытанняў. Толькі пасля ёй на тэлефон патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці ў міліцыю. Міхайліна Скорык не разумее, чаму была ўключана ў расійскі "чорны спіс". Яе муж ваяваў у складзе ўкраінскай Нацгвардыі супраць сепаратыстаў і загінуў у 2014-м у Ілавайску, інфармуе belsat.eu.