У Мінску выкрылі карупцыйную сетку рыэлтараў і забудоўшчыкаў
Буйное агенцтва нерухомасці і шэраг забудоўшчыкаў сталі фігурантамі маштабнага антыкарупцыйнага расследавання Следчага камітэта.
Гаворка ідзе пра незаконны продаж новых кватэр у сталіцы, піша "Ежедневник".
Сярод рыэлтараў галоўным фігурантам справы стала найбуйнейшае і найстарэйшае агенцтва нерухомасці сталіцы "Дзінас". Падазронай па справе праходзіць намесніца дырэктара ТАА "ДзінасІнвест" Алена Тумайкіна. Яе вінавацяць у падбухторванні да дачы хабару.
Як піша "Ежедневник", пры будаўніцтве шматкватэрных дамоў па долевым прынцыпе забудоўшчыкі некаторыя кватэры прадавалі "налева" за хабар. Ёсць звесткі, што карупцыйныя сляды гэтай сеткі цягнуліся ў Мінгарвыканкам. Але пакуль там нікому абвінавачанне не выставілі, у адрозненне ад службовых асобаў забудоўшчыкаў і рыэлтарскіх агенцтваў.
Ужо цяпер вядома, што ў злачынную дзейнасць былі ўцягнутыя службовыя асобы як мінімум трох буйных кампаній-забудоўшчыкаў, а таксама рыэлтары некалькіх агенцтваў.
Карупцыйная сетка дзейнічала ў Мінску як мінімум з 2009 года. Колькі кватэр за гэты час сышло налева, сказаць пакуль складана.
Фота — vsluh.ru