У МУС патлумачылі, што рабіла міліцыя ў мінскай гімназіі №4
Супрацоўнікі міліцыі ў гімназіі № 4 / TUT.by
Супрацоўнікі міліцыі прыязджалі ў гімназію двойчы. Першы раз, кажуць, спрацавала трывожная кнопка. Таму да школы паехалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы.
"Адміністрацыя навучальнай установы патлумачыла, што ў двары школы невядомы з плакатам у руках "бударажыў розумы дзяцей" пратэстнымі поглядамі", — гаворыцца ў паведамленні МУС.
З першага разу "невядомага з плакатам" затрымаць не ўдалося. У міліцыю паехалі прадстаўнікі гімназіі — пісаць "заяву аб учыненым правапарушэнні".
Мужчыну затрымалі праз гадзіну, калі ён зноў прыйшоў да школы. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. На яго складзены пратакол за парушэнне парадку правядзення масавых акцый.
Напярэдадні дырэктар гімназіі Андрэй Гоцман казаў, што не ведае, хто выклікаў міліцыю. У затрыманага мужчыны ў гімназіі вучацца дзеці. Ён трымаў у руках плакат з надпісам "Вучні, вы неверагодныя. Ганарымся вамі". Такім чынам ён хацеў падтрымаць навучэнцаў гімназіі, якія на пераменах ладзяць невялікія флэшмобы і спяваюць беларускія песні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.