У Навагрудку за прадукты з "Еўраопта" судзілі бацьку палітвязня
У судзе, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Наваградку за атрыманне замежнай дапамогі судзілі бацьку палітвязня. Замежная дапамога — гэта прадукты, якія пенсіянеру куплялі валанцёры праз "экстрэмісцкае фармаванне", як мяркуецца, праз ініцыятыву INeedHelp. Пра гэта піша рэсурс Hrodna.Life.
У справе гаворыцца, што мужчына звярнуўся да "экстрэмісцкага фармавання", каб атрымаць дапамогу для сына, прызнанага палітвязнем. Ён паказаў прысуд і дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва. У выніку з 2022 года да 23 студзеня 2024 года пенсіянер атрымаў праз інтэрнэт-краму "Еўраопт" тавараў на 300 рублёў.
Паводле версіі суда, пенсіянер такімі дзеяннямі "стварыў пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, выяўленую ў публічнай загадзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы". Мужчыну абавязалі вярнуць 300 рублёў, на якія яму за гэтыя гады купілі прадуктаў, і заплаціць штраф у 15 базавых (600 рублёў). Пад арыштам пакуль застаюцца ноўтбук, тэлефон, банкаўскія карты і нататнікі мужчыны.
Нагадаем, раней паводле гэтага жа артыкула ўжо судзілі дзвюх жыхарак Ліды. Адна з іх павінна будзе заплаціць больш за $ 5,5 тыс. Яшчэ як мінімум два суды за атрыманне замежнай дапамогі чакаюцца ў рэгіёне ў найбліжэйшы час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.