У наваполацкай калоніі сваякам палітвязняў адмаўляюць у спатканнях
У наваполацкай калоніі, паводле звестак праваабаронцаў, знаходзіцца 64 палітвязні / Фота з сацсетак
У Наваполацкай калоніі сваякам палітвязняў адмаўляюць у спатканнях, расказала ў Instagram жонка блогера Ігара Лосіка. Паводле яе слоў, у адміністрацыі папраўчай калоніі № 1 ёй сказалі, што пакой для спатканняў на рамонце, таму сустрэчы пакуль не праводзяць. Калі з'явіцца магчымасць атрымаць спатканне, там таксама пакуль сказаць не могуць.
Кароткатэрміновыя спатканні ў калоніі звычайна доўжацца да чатырох гадзін, але палітвязням іх працягласць звычайна скарачаюць, адзначаюць праваабаронцы. Акрамя таго, палітвязняў нярэдка пазбаўляюць спатканняў у якасці пакарання.
У наваполацкай калоніі, паводле звестак праваабаронцаў, цяпер утрымліваюцца 64 палітычныя зняволеныя. Яны кажуць пра ціск, расказваюць, што ў іх ужо ўтварылася чарга ў штрафны ізалятар — за "парушэнне рэжыму".
У наваполацкай калоніі, у прыватнасці, адбывае тэрмін экс-банкір Віктар Бабарыка. Надоечы стала вядома, што ён у ШІЗА. Яго адправілі туды на 10 сутак, паводле афіцыйнай версіі — за канфлікт з сукамернікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.