У Нью-Ёрку ідуць пратэсты супраць "самавольства паліцыі"

У Нью-Ёрку другую ноч запар праходзяць акцыі пратэсту. Іх удзельнікі абураныя рашэннем суда прысяжных не пачынаць справу супраць белага паліцыянта Дэніэла Панталео, які пры затрыманні сціснуў шыю афраамерыканца Эрыка Гарнера, пасля чаго той памёр.

Паўтары тысячы чалавек падышлі да будынка гарадской паліцыі з плакатамі "Расізм забівае" і "Жыцці чорных маюць значэнне", перадае ВВС. У пратэстах удзельнічаюць прадстаўнікі афраамерыканскай грамады Нью-Ёрка, а таксама актывісты левых арганізацый. Яны вінавацяць паліцэйскіх у забойствах на расавай глебе.

Бацьку шасці дзяцей Гарнера раней не раз арыштоўвалі за нелегальны гандаль цыгарэтамі і супраціў паліцыянтам. Ён памёр пры чарговым затрыманні. Як засведчыла ўскрыццё, смерць 43-гадовага Гарнера наступіла ў выніку здушвання грудзей і шыі. Мінюст ЗША заявіў аб правядзенні ўласнага расследавання па справе Гарнера.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ў Фергюсане беспарадкі, выкліканыя рашэннем журы не прыцягваць да крымінальнай адказнасці белага афіцэра Дарэна Уілсана за смерць чарнаскурага Майкла Браўна, перараслі ў падпалы і пагромы.

Фота — time.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі