У праваслаўныя храмы Беларусі не пусцяць "чужых людзей з нядобрымі думкамі"

Сінод слухае і запісвае словы Аляксандра Лукашэнкі

Сінод слухае і запісвае словы Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by

У праваслаўныя храмы Беларусі не пусцяць "чужых людзей з нядобрымі думкамі", каб яны "не сталі мяняць асновы, дыктаваць, як жыць". Пра гэта ў чацвер на сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З яго прамовы вынікае, што рэжым хоча і далей мець поўную падтрымку БПЦ. А не хоча, каб у царкве адбываліся "некантраляваныя змены". У той час, калі "беларускае грамадства адчувае беспрэцэдэнтны ціск на ўзроўні ідэй і каштоўнасцяў".

Лукашэнка прыгадаў Сіноду, што ў 2020-м "некаторыя святары (на жаль, і некаторыя праваслаўныя) заняліся, мякка кажучы, палітыкай". Але для гэтага ёсць "падрыхтаваныя людзі", кажа Аляксандр Лукашэнка. І дадае: "Справа царквы — маральныя хрысціянскія арыенціры".

На лета 2023-га былі вядомыя 53 прозвішчы святароў у Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі. Сярод іх найбольш было якраз праваслаўных — 18. Адзін з самых яркіх прыкладаў — гродзенскі архіепіскап Арцемій. У 2020 годзе ён асудзіў гвалт, казаў пра гэта публічна падчас пропаведзяў. Яго адправілі ў адстаўку. Летась ён памёр. Некаторых святароў кідалі за краты, іншыя вымушана з'ехалі за мяжу.

Цяпер ніякага іншадумства ў БПЦ няма. Мітрапаліт Веніямін наведвае афіцыйныя мерапрыемствы, у тым ліку і сілавікоў. А архіепіскап Стэфан разам з Мікалаем Карпянковым "інспектаваў" спецпадраздзяленне "Буран". Прадстаўнікі БПЦ актыўна наведваюць і вайскова-патрыятычныя клубы сілавікоў, у якіх прапагандысты апрацоўваюць моладзь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі