“У пытанні смяротнага пакарання лідар павінен весці за сабой грамадскую думку”

“У пытанні смяротнага пакарання лідар павінен весці за сабой грамадскую думку”

Статус спецзапрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Беларусь зможа аднавіць толькі пасля ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. Гэта пацвердзіла начальнік аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генеральнага дырэктарату Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнстве права Таццяна Цермачыч падчас круглага стала “Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання”.

Перамовы з нашай краінай наконт адмены смяротнага пакарання вядуць з 2000 года. За 17 гадоў было праведзена шмат канферэнцый, круглых сталоў і сустрэч на розных узроўнях. Але пакуль станоўчых зрухаў не шмат, прызнае Таццяна Цермачыч у каментарыі Еўрарадыё.

“Мы лічым, што часта для адмены смяротнага пакарання неабходная палітычная воля. І мы верым, што ў нейкі момант смяротнае пакаранне будзе адмененае нават калі грамадскае меркаванне не будзе на сто адсоткаў падтрымліваць гэтую ідэю. І па шчырасці, для нас вельмі дзіўна, што краіна, якая так шмат перанесла падчас Другой сусветнай вайны, страціла каля 1 мільёна жыццяў сваіх грамадзян, дзе быў такі моцны партызанскі рух, да гэтага часу прымяняе смяротнае пакаранне, якое несумяшчальнае з паняццям чалавечай годнасці і справядлівасці”, ― кажа прадстаўніца ПАСЕ.

Не заўжды ў такім пытанні, як адмена смяротнага пакарання, варта арыентавацца на грамадскае меркаванне, упэўненая кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

“Я згодная з тым, што меркаванне грамадства важна ўлічваць пры абмеркаванні гэтага пытання. Таму мы пастаянна кансультуемся з грамадствам. Але моцныя лідары ― гэта не заўжды тыя лідары, якія ідуць за грамадскім меркаваннем. Часта гэта тыя лідары, якія вядуць за сабой грамадскае меркаванне. Асабліва па такіх адчувальных пытаннях, як смяротнае пакаранне”, ― упэўненая Андрэа Віктарын.

Па словах кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС, галоўны аргумент за адмену смяротнага пакарання ― магчымасць судовай памылкі. Калі прысуд выкананы, а потым высвятляецца, што чалавек быў невінаваты. Але гэты аргумент не адзіны.

Андрэа Віктарын: “Ці робіць прымяненне смяротнага пакаранне грамадства больш бяспечным? Не, калі верыць статыстыцы. Паводле яе, краіны, якія маюць самы нізкі ўзровень гвалтоўнай злачыннасці, гэта краіны, у якіх няма смяротнага пакарання. І таму Еўрапейскі саюз перакананы: смяротнае пакаранне не з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Калі чалавек збіраецца здзейсніць цяжкае злачынства, то думка пра смяротнае пакаранне не спыняе яго”.

У беларускіх уладаў ёсць паўнамоцтвы каб ўвесці мараторый на выкананне смяротнага прысуду. Асабліва цяпер, калі крымінальнае заканадаўства дазваляе караць злачынцу як смерцю, так і пажыццёвым тэрмінам зняволення.

“Парламент разумее важнасць вывучэння праблематыкі смяротнага пакарання ў кантэксце сусветных тэндэнцый у гэтым пытанні. Разам з тым смяротнае пакаранне па рознаму ўспрымаецца ў грамадстве, па ранейшаму мае прыхільнікаў яго захавання. Гэты факт не можа ігнаравацца намі”, ― адказвае еўрапейцам старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч.

Круглы стол “Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання” сабраў у Мінску еўрапейскіх і беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, дэпутатаў, экспертаў, праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў. Толькі журналістам папрысутнічаць на дыскусіі не дазволілі, “каб дыскусія атрымалася больш шчырай”.

.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі