У Расіі расследуюць напад на губернатара Мурманскай вобласці, ён у рэанімацыі
Андрэй Чыбіс
У Расіі расследуюць напад на губернатара Мурманскай вобласці, ён у рэанімацыі. Андрэя Чыбіса паранілі нажом пасля сустрэчы з жыхарамі горада Апаціты. Увечары 4 красавіка ён выйшаў з будынка Палаца культуры "Будаўнік" і накіраваўся да службовага аўтамабіля. У гэты момант да яго падбег мужчына (ён чакаў яго ў прыпаркаванай машыне), які нанёс удар нажом у жывот — ахова зрэагаваць не паспела.
Нападніка затрымалі. Пры гэтым яго паранілі ў нагу. Ім аказаўся 42-гадовы мясцовы жыхар Аляксандр Быданаў. Свой учынак ён патлумачыў "непрыязнасцю" да губернатара, але з ім раней не сустракаўся. Праўда, адразу пасля затрымання нападнік заявіў, што перад замахам "чуў у галаве нейкія галасы". Раней яго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за прычыненне цялесных пашкоджанняў. Яму прызначаны судовыя экспертызы, у тым ліку псіхіятрычная.
Лекары адразу ацэньвалі стан губернатара як цяжкі. Казалі, што "яму вельмі пашанцавала, што не закранута аорта". Чыбісу зрабілі аперацыю. Раніцай ён змог запісаць відэазварот са словамі надзеі, што "ўсё будзе добра" і ён адновіцца.
Андрэю Чыбісу 45 гадоў. Губернатарам ён з'яўляецца з 2019-га, а да таго займаў пасаду намесніка міністра Міністэрства будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У Расіі падобныя здарэнні з губернатарамі здараюцца даволі рэдка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.