У Расіі забараняюць фэйкавыя навіны. А як у Беларусі — можна?

Ismael Martin
Ismael Martin

У Расіі хочуць ўвесці закон аб забароне распаўсюджвання фэйкавых навін. Яшчэ адна інавацыя — забарона на абразу ўлады ў інтэрнэце, піша "Новая газета".

Першая ініцыятыва прапануе забараніць СМІ і інтэрнэт-сайтам публікаваць "недакладную грамадска значную інфармацыю, якая распаўсюджваецца пад выглядам пэўных паведамленняў". Другі дакумент дазваляе блакаваць старонкі, на якіх прысутнічае "відавочная непавага" да грамадства, прадстаўнікоў улады і дзяржаўных сімвалаў.

Аўтар абодвух законапраектаў — расійскі сенатар Андрэй Клішас. У інтэрв'ю "Новай газеце" ён патлумачыў, што інфармацыя ў інтэрнэце павінна рэгулявацца так, каб людзі маглі крытыкаваць органы ўлады, але без падмены "змястоўнай дыскусіі проста нецэнзуршчынай". Клішас дадаў, што пры вынясенні рашэнняў важна будзе ўлічваць кантэкст і асноўны пасыл інфармацыі: "Як у мастацкіх творах ёсць мат, скіраваны на абразу кагосьці, а ёсць мастацкі прыём. Таму, калі ў кантэксце сваёй праграмы той жа самы Познер будзе выкарыстоўваць слова "Госдура", складу тут ніякага не будзе. Але, калі мэтай гэтых выказванняў будзе выключна абраза, то так, гэта можа быць расцэнена як склад".

А як у Беларусі?

У беларускім Законе "Аб СМІ" фэйкавыя навіны не згадваюцца ні разу. Але ў артыкуле 4 гаворыцца, што сродкі масавай інфармацыі (да іх у Беларусі адносяцца і сеткавыя выданні — інтэрнэт-рэсурсы, якія прайшлі рэгістрацыю) "павінны распаўсюджваць інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці". Таксама ўладальнікі любога інтэрнэт-рэсурсу абавязаныя не дапускаць распаўсюджвання інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, і звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю.

Што тычыцца крытыкі ўлады, то ў Крымінальным кодэксе Беларусі на гэтую тэму ёсць цэлых шэсць артыкулаў. Артыкул 369 так і называецца: "Абраза прадстаўніка ўлады". Наступны за ім артыкул 396/1 прысвечаны "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", але там гаворка ідзе не пра публічную дыскрэдытацыю (напрыклад, у інтэрнэце), а пра падачу заведама непраўдзівых звестак пра нашу краіну замежнай дзяржаве або замежнай (міжнароднай) арганізацыі.

Яшчэ два артыкулы прадугледжваюць пакаранне за паклёп на прэзідэнта (367) і абразу прэзідэнта (368). Дарэчы, па другім з іх нядаўна спрабавалі прыцягнуць лідара "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча, які ў славеснай сварцы назваў Аляксандра Лукашэнку г*ком [непрыемным чалавекам. — Еўрарадыё]. Але міліцыя адмовілася распачаць крымінальную справу з-за адсутнасці складу дзеяння, якое караецца крымінальна.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 10.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі