У РБ затрымалі замежніка, які краў грошы ў пасажыраў рэйса Мінск-Дубай
Падазраванага затрымалі падчас яго чарговага прылёту ў Мінск
МУС Беларусі паведамляе аб затрыманні замежніка, які краў грошы ў пасажыраў рэйса Мінск-Дубай-Мінск. Пакуль людзі спалі падчас начнога пералёту, мужчына забіраў грошы з іх ручной паклажы.
Вядома як мінімум пра тры эпізоды. У лютым пра знікненне грошай паведаміў беларускі турыст, які ляцеў у ААЭ. У яго за час палёту знікла каля пяці тысяч еўра і больш за тысячу долараў. Грошы ляжалі ў ручной паклажы на верхняй паліцы. У сакавіку ў яшчэ аднаго мінчука зніклі ў дарозе 16 тысяч долараў.
Аператыўнікі прааналізавалі спіс пасажыраў, высветлілі асобу падазраванага. Калі ён у чарговы раз прыляцеў у Мінск, яго затрымалі. Пры ім знайшлі больш за чатыры тысячы долараў. У той жа дзень у міліцыю звярнулася пасажырка гэтага ж рэйса, у яе за час палёту знікла дакладна такая ж сума.
Мужчына прызнаўся, што прылятаў у Беларусь на некалькі дзён толькі для здзяйснення чарговага крадзяжу ў дарозе. Грошы ён краў па начах, калі пасажыры спалі. На яго завялі крымінальныя справы за крадзяжы. Грамадзянінам якой краіны з'яўляецца замежнік, у беларускім МУС не ўдакладнілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.