У Шаркаўшчынскім раёне разаралі месца з пахаваннямі яўрэяў (фота, відэа)
Іх забілі ў Другую сусветную вайну падчас уцёкаў з Шаркаўшчынскага гета.
Пра здарэнне паведаміла жыхарка вёскі Радзюкі Ліліяна Карачун. У час вайны іх хутар стаяў побач з месцам трагедыі. Тады нямецкія акупанты расстралялі з кулямёта габрэяў, што ўцякалі з гета. Некалькі дзясяткаў чалавек былі пахаваныя на полі, побач з цяперашняй дарогай з Глыбокага на Шаркаўшчыну.
Па словах Ліліяны Карачун, ніякага знаку на пахаванні не стаяла. Але мясцовыя жыхары ведалі пра трагедыю і на тым месцы стараліся не касіць і не пасвіць жывёлу. Гады чатыры таму мясцовае сельгаспрадпрыемства імя Маркава разарала гэты ўчастак зямлі. Гэтым летам тут пасвілі жывёлу.
Мясцовыя жыхары, якія памятаюць пра трагедыю, спадзяюцца, што інфармацыя ў СМІ дапаможа годна ўшанаваць памяць пахаваных тут людзей.