У Швецыі аўтобусы запраўляюць лупінамі, а ў Гамбургу забараняюць машыны
На што гатовыя пайсці еўрапейскія гарады, каб атрымаць званне “самага зялёнага”?
Тэма альтэрнатыўных крыніц энергіі з’яўляецца папулярнай у Еўропе цягам апошняга дзесяцігоддзя. Але, як высветлілася, у шведскім Векшэ пачалі клапаціцца аб экалогіі задоўга да таго, як гэта стала модным — у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Цяпер жыхары і палітыкі Векшэ лічаць свой горад “самым зялёным у Еўропе”. The Local піша:
“У 1990-я, перад тым як глабальнае пацяпленне ахапіла загалоўкі, гарадскі савет аб’явіў аб планах да 2030 года адмовіцца ад выкапнёвых відаў паліва і скараціць выкіды вуглякіслага газу цягам бліжэйшых 20 гадоў”.
Гэта былі толькі некаторыя “зялёныя мэты”. Іншыя: заахвочваць фермераў пайсці арганічным шляхам, а пасажыраў і кіроўцаў — перасесці на ровары і грамадскі транспарт. Мясцовыя аўтобусы, дарэчы, запраўляюць бульбянымі лупінамі, а мясцовы біязавод забяспечвае цяплом і гарачай вадой 90% гараджан. На заводзе спальваюць рэшткі ад лясной прамысловасці — галінкі, мох, кару. Гэтага хапае, каб вырабіць амаль палову усёй патрэбнай гораду электраэнергіі. А попел, які застаецца ад біяпаліва, выкарыстоўваюць у якасці ўгнаення для раслін.
У 2010 годзе поспехі шведаў у выкарыстоўванні аднаўляльнай энергіі былі адзначаныя ўзнагародай “Еўрапейская зялёная сталіца” . Праўда, дасталася яна не Векшэ, а Стакгольму.
Тым часам у Гамбургу, які быў “зялёнай сталіцай” у 2011 годзе, вырашылі забараніць… машыны.
“Для краіны, якая ганарыцца тым, што дала свету Mercedes і “аўтабан”, гэта ўяўляе сур’ёзны разварот: Гамбург, другі па велічыні горад Германіі, плануе забараніць усе аўтамабілі ў цэнтры цягам наступных 20 гадоў і перасадзіць тысячы пасажыраў на ровары”, — піша The Independent.
Калі ўсё атрымаецца, то зялёная сетка ахопіць 40% гарадской тэрыторыі. Дагэтуль нешта падобнае спрабавалі рабіць толькі ў Капенгагене (сёлетняй “зялёнай сталіцы”). Зараз там будуюць 26 “роварных суперхайвэяў”, якія аб’яднаюць цэнтр з ускраінамі.
У 2015 годзе “зялёнай сталіцай” стане англійскі Брысталь. Мэр горада Джордж Фергюсан не хавае сваіх аптымістычных надзеяў і кажа, што Брысталь выбралі за інавацыі ў зялёнай эканоміцы. І не толькі, як адзначае The Guardian:
“Брысталь быў адным з першых брытанскіх гарадоў, які зрабіў буйныя інвестыцыі ў энергію ветра: з наступнага месяца дзве турбіны пачнуць вырабляць электраэнергію, якой забяспечаць 2500 хатніх гаспадарак”.
Таксама Фергюсан плануе да 2020 года ўдвая павялічыць колькасць раварыстаў. Напрыклад, у Лондане многія баяцца ездзіць на роварах, таму што гэта небяспечна і раварысты часта гінуць пад калёсамі аўтамабіляў. У Брысталі ж у гэтым плане сітуацыя больш спакойная і ўжо зараз горад можа пахваліцца найбольшай колькасцю раварыстаў сярод вялікіх англійскіх гарадоў.
Фота: dkibenelux.org