У справе аб карупцыі згадваюць атачэнне Лукашэнкі, але ў судзе сядзіць "пешка"
Віктар Лукашэнка замяшаны ў справе аб карупцыі? / калаж Улада Рубанава
За права без правядзення аўкцыёну пабудаваць некалькі дамоў у цэнтры Мінска будаўнічая кампанія павінна была раскашэліцца на суму каля 15 мільёнаў долараў. Карупцыйны ручаёк зацурчаў пры ўдзеле чыноўнікаў з найвышэйшых эшалонаў улады, звязаных з сям'ёй Лукашэнкі. Пра гэта расказваецца ў відэарасследаванні Альянсу расследавальнікаў Беларусі (АРБ), праведзеным сумесна з "Кібер-Пар*****амі" і Фондам спартыўнай салідарнасці.
На кадрах аператыўнай здымкі, зробленых у красавіку 2021 года, арганізатар канцэртаў Аляксандр Косач атрымлівае хабар. Косач — сябра ЛДПБ Беларусі, "вельмі блізкі сябар" і памочнік лідара ЛДПБ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алега Гайдукевіча.
Крыху пазней Косача прыцягнулі за ўдзел у карупцыйнай схеме. Дзякуючы выкарыстанню сувязяў наверсе мужчына планаваў вырашыць пытанне па атрыманні "смачных" участкаў забудовы для кампаніі "Сталіцабудінвест".
У АРБ асабліва падкрэсліваюць, што зямлю пад будаўніцтва ў гэтым выпадку можна было атрымаць толькі пры садзейнічанні Нацыянальнага алімпійскага камітэта або Адміністрацыі прэзідэнта. Нагадаем, раней кіраўніком НАК быў Аляксандр Лукашэнка, а цяпер структурай кіруе ягоны сын Віктар.
Другім фігурантам карупцыйнай схемы Косача быў архітэктар Аляксандр Галерка. На кадрах аператыўнай здымкі відаць, як ён пераконвае дырэктара "Сталіцабудінвест" Юрыя Жукоўскага, які ўжо працаваў на той момант са спецслужбамі, даць хабар. Дарэчы, Галерка пасля затрымання і знаходжання ў СІЗА памёр, "заразіўшыся каранавірусам".
"За падрыхтоўку хадайніцтва аб вылучэнні ўчастка за подпісам Віктара Лукашэнкі на імя Аляксандра Лукашэнкі" 50 тысяч долараў трэба было "падарыць" віцэ-прэзідэнту НАК Дзмітрыю Даўгалёнку. 600 тысяч долараў афіцыйнай "спонсарскай дапамогі" Жукоўскі павінен быў перавесці непасрэдна ў НАК. Частка сродкаў за падрыхтоўку ўказа аб вылучэнні ўчастка прызначалася для начальніка ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Вараб'ёва. У ходзе перамоваў называлася агульная сума хабару, якую да заканчэння будаўніцтва павінны былі атрымаць хабарнікі, — 1 800 000 долараў.
Яшчэ, паводле інфармацыі АРБ, на кампанію Жукоўскага хацелі павесіць "бязвыплатную сацыяльную нагрузку" ў выглядзе будаўніцтва ўнікальнага спартыўнага аб'екта — крытага лыжнага манежа арыенціровачным коштам каля 13 000 000 долараў. Гэты спарткомплекс следчыя назвалі падарункам "галоўнаму лыжніку краіны".
"Фігуранты будаўнічых махінацый вызначаныя, але пры гэтым у якасці абвінавачванага адзін-адзінюткі Косач. Як і, самае галоўнае, чаму ўсе астатнія ўдзельнікі злачыннай групы ўніклі суда?" — задаюцца пытаннем аўтары расследавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.