У старшыні Партыі БНФ апісалі маёмасць: тэлевізар ацанілі ў 20 рублёў
Судовыя выканаўцы апісалі маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Гэта робіцца за нявыплату штрафаў, якія палітыку прысудзілі за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй. Яны прайшлі ў снежні 2019 года.
"Штраф быў 810 рублёў, і ў дадатак да гэтага судовыя выканаўцы яшчэ налічылі 81 рубель. Мне паведамілі, што накладзены арышт на карыстанне гаражом і машынай, а сёння апісалі ў кватэры частку маёмасці: тэлевізар, халадзільнік, пральную машыну, канапу, крэслы і стацыянарны тэлефон. Мяне азнаёмілі з пратаколам, але маёмасць не забіралі, яна знаходзіцца ў кватэры як быццам на захаванні з першасным правам на продаж", — перадае Радыё "Рацыя" словы Кастусёва.
Палітык называе смешнымі сумы, у якія ацанілі яго маёмасць: "Напрыклад, тэлевізар ацанілі ўсяго ў 20 рублёў, пральную машыну — у 70 рублёў… Агульны кошт арыштаванай маёмасці складае 430 рублёў".
Кастусёў звярнуўся да сяброў, просячы дапамагчы, каб аплаціць хаця б палову штрафа ў растэрміноўку.
Ён кажа, што для яго як пенсіянера складана аплаціць такі штраф.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.