У Варшаве пратэставалі супраць расійскіх вайсковых базаў у Беларусі (фота)
16 студзеня пікет пад лозунгам “Не — акупацыі Беларусі!” прайшоў каля расійскай амбасады ў польскай сталіцы.
Да дыпламатычнага прадстаўніцтва Расіі прыйшло каля 15 чалавек з беларускімі нацыянальнымі сцягамі і плакатамі супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх войскаў. Таксама ў амбасаду быў перададзены адпаведны зварот.
Акцыю арганізавалі кампанія "Разам для Беларусі", рух салідарнасці "Разам" і фундацыя "За свабоду і дэмакратыю".
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі акцыі пратэсту супраць расійскіх вайсковых базаў у Беларусі прайшлі ў Мінску і Магілёве.
Нагадаем, што планы размясціць на тэрыторыі Беларусі расійскую авіябазу ў красавіку 2013-га агучыў расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу. У снежні дзяжурнае звяно з чатырох расійскіх знішчальнікаў Су-27 прызямлілася на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Разам з імі з Расіі перабазаваўся і тэхнічны персанал.
Дарэчы, на тэрыторыі Беларусі ўжо знаходзяцца расійскія вайсковыя аб’екты: Вілейская база сувязі і радыёлакацыйная станцыя “Волга” каля Ганцавічаў.