У Венесуэле ўвялі надзвычайнае эканамічнае становішча

 У Венесуэле ўвялі надзвычайнае эканамічнае становішча

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў пра ўвядзенне ў краіне надзвычайнага эканамічнага становішча тэрмінам на 60 дзён. Пра гэтае рашэнне стала вядома за некалькі гадзінаў да выступу Мадура перад Нацыянальнай асамблеяй са зваротам аб становішчы краіны.

Адпаведны дакумент прадугледжвае прыняцце мер для забеспячэння насельніцтву доступу да прадуктаў першай неабходнасці, патрабаванні да прыватных і дзяржаўных кампаній павялічыць аб’ёмы вытворчасці, змяненне ўмоваў імпарту, барацьбу з ухіленнем ад уплаты падаткаў і іншыя захады.

Нацыянальная асамблея Венесуэлы павінна зацвердзіць гэты дакумент, але ў парламенце большасць у апазіцыі.

Напярэдадні Цэнтральны банк Венесуэлы апублікаваў эканамічныя паказнікі за мінулы год. Паводле гэтых дадзеных, гадавая інфляцыя на канец трэцяга квартала 2015 года склала 141,5%, а ВУП знізіўся на 7,1% у параўнанні з мінулым годам.

Нікалас Мадура прытрымліваецца сацыялістычных поглядаў. Яго папярэднік Уга Чавес, таксама сацыяліст, быў прэзідэнтам Венесуэлы з 1999 года да сваёй смерці ў 2013 годзе. Пры ім краіна зведала высокую інфляцыю і рост злачыннасці. З-за дэфіцыту харчоў у асобных раёнах давялося ўвесці карткі на тавары, перадаюць замежныя СМІ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі