У верасні ў Беларусь прыбылі два цягнікі з кампанентамі ядзернай зброі

Чыгуначная станцыя Прудок

Чыгуначная станцыя Прудок / railwayz.info

Яшчэ два цягнікі з кампанентамі тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) прыбылі ў Беларусь у верасні, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

15-24 верасня на беларускую чыгуначную станцыю Прудок з расійскіх станцый Чабаксары і Патаніна прыбылі 26 вагонаў. Яны былі нагружаныя як кампанентамі ТЯЗ, так і прызначаныя для перавозкі персаналу і суправаджэння.

Каля Прудка размяшчаецца 2631-я авіяцыйная база захоўвання ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў — вайсковая часць 94017.

Па звестках чыгуначнікаў, для ўтойвання перавозкі цягнікі ішлі праз стыкавы пункт Заольша, дзе праходзяць усяго два цягнікі ў суткі.

Груз на цягніках адносіцца да класа "выбуховыя матэрыялы" і пазначаны ў дакументах як "боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў" і "боепрыпасы, акрамя пайменаваных вышэй".

Асноўным бенефіцыярам гэтых перавозак, паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў, з'яўляецца беларуска-швейцарскае СТАА "ТРАНСРЭЙЛ — БЧ". Пры дапамозе гэтай кампаніі ў Беларусь з траўня 2021 года па верасень 2023-га ўвезена 127 вагонаў з грузамі ваеннага прызначэння.

Пры гэтым маніторынгавая група "Беларускі Гаюн" сцвярджае, што саміх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі на цяперашні момант няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі