У Віцебску хочуць стварыць музей КДБ
У былым губернатарскім палацы ў Віцебску хочуць зрабіць музей КДБ
Музей КДБ хочуць стварыць у Віцебску, піша "Віцебская Вясна". Пад гэтую ўстанову плануецца аддаць частку помніка архітэктуры 18-га стагоддзя — былога губернатарскага палаца.
У гэтым будынку з 1938 да 2022 года размяшчалася Віцебскае абласное ўпраўленне Камітэта дзяржбяспекі.
Цяпер трохпавярховы палац збіраюцца рэканструяваць паводле чарцяжоў 1830 года. Там абяацюць зрабіць "капітальны рамонт фасадаў з прымяненнем матэрыялаў, ідэнтычных гістарычным".
У былой рэзідэнцыі губернатара мяркуюць зрабіць экспазіцыйныя залы службы КДБ, а таксама тры кавярні, залу для рэгістрацыі шлюбаў, карцінную галерэю, залы "для музычных і літаратурных імпрэзаў", міні-гатэль.
У Беларусі, дарэчы, ужо ёсць адзін музей КДБ — у будынку КДБ у Мінску. Гэта службовая ўстанова, куды трапіць наведнік з вуліцы не зможа. І расказваецца там, вядома ж, не пра крывавыя рэпрэсіі, якімі праславілася ведамства ад часу свайго стварэння, а пра "слаўны баявы шлях чэкістаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.