У Вілейскім раёне сур'ёзна пацярпелі бацька і сын — запускалі феерверк
Феерверк раптоўна ўзарваўся. Абодва былі шпіталізаваныя.
У вёсцы Іванцэвічы Вілейскага раёна ў навагоднюю ноч пацярпелі два чалавекі — бацька і сын. 44-гадовы мужчына апоўначы збіраўся запусціць феерверк, які напярэдадні купіў на рынку "Лябяжы" ў Мінску. Побач з ім быў яго 20-гадовы сын. Аднак феерверк раптоўна ўзарваўся.
У бацькі пацярпела правая рука, адзін палец быў адарваны, у сына — тэрмічны апёк твару. Абодвух шпіталізавалі ў Вілейскую цэнтральную раённую бальніцу, інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці.
Нагадаем, у Беларусі ў навагоднюю ноч адбыліся некалькі няшчасных выпадкаў з выкарыстаннем піратэхнікі. Ад яе пацярпелі трое непаўналетніх і дзевяць дарослых, якія звярнуліся па дапамогу ў медустановы. Сярод пацярпелых — 18-гадовы мінчук, які атрымаў чэрапна-мазгавую траўму цяжкай ступені пры спробе запуску прафесійнай петарды.